Экологическое воспитание


Дзе птушкі, там і мы!

Ж.А. Валетка,

 настаўніца пачатковых класаў, кіраўнік клуба КД ДУА “Сярэдняя школа № 9 г.Слуцка”


 

Пад такім дэвізам працавалі  амаль увесь  год школьнікі з клуба “Крылаты дазор”  сярэдняй школы № 9 г.Слуцка. Спачатку знаёміліся з жыццём птушкі года - вушастай савой, яе асаблівасцямі. Потым ладзілі розныя справы: праводзілі тыдзень знаёмства з птушкай года сярод вучняў школы, а таксама паведамілі аб кампаніі АПБ вучням іншых краін-удзельніц Інтернет-праекта IEARN: TogetherWithBirds (Вместе  с птицами). “Дазораўцы”  адшукалі  месцажыхарства  пары вушастых соў непадалёку ад школы, малявалі  птушку года на дошцы,  за партай і на асфальце, вышывалі, клеілі, ляпілі, праводзілі гульні – падарожжы, віктарыны, выступалі з вусным часопісам сярод юных арнітолагаў раёна.  Самым яркім момантам стала  вырашэнне  жыллёва  пытання для  нашых знаёмых - пары вушастых соў. З дапамогай дарослых школьнікі зрабілі і замацавалі два дамы для соў.

Члены клуба ўдзельнічалі ў творчых конкурсах АПБ, Слуцкага раённага аддзялення АПБ. Як вынік – перамога ў рэспубліканскім конкурсе малюнкаў на асфальце  “Як сава снедае”, у конкурсе вырабаў з прыроднага матэрыялу па фатаздымках “Вушатая сава – усім птушкам галава”, ў раённым конкурсе “Вушастая сава – птушка года”.  Творчыя работы школьнікаў дэманстраваліся ў  музеі этнаграфіі г.Слуцка. 

Клубы “Крылаты дазор” ужо больш за 10 гадоў працуюць у Слуцкім раёне па экалагічнаму выхаванню дзяцей. У юных дазораўцаў з нашай школы   даўно склаліся цесныя сувязі з  хлопчыкамі і дзяўчатамі з эколога-біялагічнага цэнтра навучэнцаў, з Гацукоўскай сярэдняй школы.  Шмат цікавых і карысных спраў юныя арнітолагі арганізуюць у раёне для птушак і людзей. Клубы “Крылаты дазор” са Слуцкага раёну добра вядомы  на ўсю рэспубліку.  Неаднаразова кіраўнікі клубаў Нямковіч Святлана Войцэхаўна (ДУА “Гацукоўская СШ”), Валетка Жанна Аляксандраўна (ДУА “Сярэдняя школа № 9 г.Слуцка”) , а таксама  старшыня раённага аддзялення Каляда Тамара Анатольеўна  дзяліліся вопытам сваей працы з такімі ж апантанымі любоўю да прыроды і дзяцей педагогамі з розных куткоў нашай краіны падчас семінараў, канферэнцый і з’ездаў  ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Ад педагогаў стараюцца не адставаць і навучэнцы. Ужо некалькі гадоў запар юныя случчане становяцца пераможцамі  рэспубліканскага конкурсу малюнкаў “Птушка года”. У гэтым годзе аўтары творчых работ Главацкіх Ульяна, Гурыновіч Юлія ( ДУА “Сярэдняя школа № 9 г.Слуцка”),  Парфенюк Кацярына (ДУА “Сярэдняя школа № 13 г.Слуцка”) , Кандыбовіч Аляксей (ДУА “Слуцкі цэнтр навучэнцаў”), Белая Паліна (ДУА “Гімназія №1 г.Слуцка”)  былі запрошаны  ў Дзяржаўны  музей прыроды і экалогіі Беларусі (г.Мінск) на ўрачыстае адкрыццё выстаўкі малюнкаў. Менавіта там яны атрымалі свае  ўзнагароды і даведаліся аб тым, што птушкай 2016 года абраны звычайны гогаль.

 

Наперадзе шмат цікавых спраў, сустрэч з прыродай і цудоўным, таямнічым светам птушак! Далучайцеся да нас!